14 марта 2018      118      0

«Гулялі з агнём». Някляеў і Статкевіч удзельнічалі ў шэсьці літоўскіх нацыяналістаў у Вільні

У традыцыйным шэсьці нацыяналістаў у Вільні, якое прайшло 11 сакавіка пад лёзунгам «Літва для літоўцаў», удзельнічалі беларускія палітыкі Мікола Статкевіч і Ўладзімер Някляеў.

Паэт Уладзімер Някляеў нават выступіў на іх мітынгу на Лукіскай плошчы — прачытаў фрагмэнт са сваёй паэмы «Палянэз», дзе рэфрэнам гучала слова «Літва».

Ці варта было беларусам браць удзел у нацыяналістычнай акцыі, дзе прысутнічалі ў тым ліку і прадстаўнікі моладзевай сэкцыі NPD (Нямецкай нэанацысцкай партыі), украінскага «Правага сэктару», іншых праварадыкальных партый?

У шэсьці, якое пачалося ад плошчы Гедыміна і завяршылася мітынгам на Лукіскай плошчы, узялі ўдзел больш за 1 тысячу чалавек. Выступалі на мітынгу прадстаўнікі ўкраінскіх партый «Свабода», «Правы сэктар», «Нацыянальны корпус». Сярод выступоўцаў быў і Майк Мюлер — рэгіянальны лідэр моладзевага крыла ультраправай Нацыянал-дэмакратычнай партыі Нямеччыны, якую часам называюць праваэкстрэмісцкай і нэанацысцкай.

Някляеў: «Я ня ўвязваўся ў палітычныя спрэчкі, а адказаў вершам»

Уладзімер Някляеў у камэнтары Свабодзе заўважыў, што яны са Статкевічам удзельнічалі ня толькі ў Маршы нацыяналістаў, а і ў афіцыйных імпрэзах, арганізаваных урадам 11 сакавіка. Паэт кажа, што гэты марш арганізаваў «Саюдзіс». Пратэставалі на ім і супраць будаўніцтва Беларускай АЭС у Астраўцы, непадалёк ад тэрыторыі Літвы.

«Калі стала зразумела, што інтанацыя мітынгу „скочваецца“ ў такі крайні нацыяналізм — „Літва для літоўцаў“, а мы стаім на месцы, дзе павесілі Кастуся Каліноўскага, і Вільня — сталіца ня толькі для літоўцаў, але дарагі горад для нас, беларусаў, я выйшаў да мікрафона, нагадаў пра нашу гісторыю, пра адносіны Беларусі зь Літвой і Польшчай.

Я вырашыў ня ўвязвацца ў палітычныя спрэчкі, а адказаць мэтафарай. Я прачытаў урывак з паэмы „Палянэз“. Прысутныя рэагавалі даволі сьмешна. Там некалькі разоў паўтараецца слова „Літва“. Калі я прамаўляў „Літва“, людзі пляскалі, а я ж чытаў пра Беларусь, пра нашу гісторыю, пра нашу дзяржаву! Гэта была адна зь лепшых маіх мэтафарычных прыдумак», — перакананы Ўладзімер Някляеў.

Прадстаўляючы беларускіх палітыкаў Уладзімера Някляева і Міколу Статкевіча, вядоўца мітынгу ў Вільні адзначыў: «Кроў прадстаўнікоў гэтага народу, беларусаў, лілася і на гэтай плошчы, на Лукішках».

Статкевіч: «Мы не выбіралі ідэалягічных раскладаў, нас цікавіла, як людзі сьвяткуюць»

Мікола Статкевіч пацьвердзіў Свабодзе, што яны зь Някляевым сапраўды прыяжджалі ў Вільню паглядзець, як праходзяць сьвяткаваньні, павіншаваць літоўскі народ зь яго сьвятам.

«Мы не зважалі на тое, якія палітычныя, грамадзкія сілы арганізоўваюць шэсьці, мітынгі. Нас цікавіла, як людзі сьвяткуюць, колькі людзей прыходзіць, што робіць паліцыя. У нас было віншаваньне ад Беларускага нацыянальнага кангрэсу, ну і таксама паглядзелі, як там арганізаваныя сьвяточныя шэсьці.

Я разумею, што перад 25 сакавіка на арганізатараў сьвяточнага шэсьця выліваецца зь любой нагоды і без нагоды куча гразі. Але што да ўдзелу ў шэсьці нацыяналістаў у Вільні, мы не выбіралі нейкіх ідэалягічных раскладаў», — тлумачыць Мікола Статкевіч.

Адамковіч: «Зьявіўшыся на маршы нацыяналістаў, беларускія палітыкі гулялі з агнём»

Старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Аляксандар Адамковіч кажа, што ўдзел беларускіх палітыкаў у шэсьці нацыяналістаў застаўся амаль незаўважаным, без шырокага абмеркаваньня ў асяродку віленскіх беларусаў.

«Але ад сябе скажу, што такога ўзроўню палітыкам трэба быць больш асьцярожнымі — і ў выказваньнях, і ва ўдзеле ў такіх маршах.

Прысутная на мітынгу публіка не зразумела, што Някляеў меў на ўвазе. Някляеў меў на ўвазе, што Літва — гэта Беларусь, а народ думаў і ўспрымаў, як „Летува“ — літоўская дзяржава. Таму што калі Беларусь называюць Літвой, літоўцаў гэта вельмі крыўдзіць. Зьявіўшыся на маршы нацыяналістаў, беларускія палітыкі гулялі з агнём. Я наагул лічу, што маршы нацыяналістаў — гэта ўнутраная справа Літвы і літоўцаў, і мы, беларусы, не павінны ў гэтым удзельнічаць», — перакананы Аляксандар Адамковіч.

Радио «Свобода»

Ваш комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Самое читаемое
Опрос

Положительно ли отразится на имидже Беларуси проведение Европейских игр

Загрузка ... Загрузка ...
Метки
Мы Вконтакте

© 2018 Stop opp · Копирование материалов сайта без разрешения запрещено